Беларуская Служба

«Не будзь абыякавым!». Мова нянавісці можа закрануць кожнага — нагадваюць аўтары грамадскай кампаніі

19.11.2025 07:00
Агрэсіўныя напады могуць быць па розных прыкметах — паводле нацыянальнасці, расы, этнічнай прыналежнасці або веравызнання.
Аўдыё
  • Кампанія «Не будзь абыякавым!».
          .
Кожны трэці малады чалавек у Польшчы сустракаецца з хэйтам у сеціве. Фота: Shutterstock.com

Пад заклікам «Не будзь абыякавым!» у Польшчы праходзіць адукацыйна-прафілактычныя кампанія па супрацьдзеянні мове нянавісці, перш за ўсё ў сацыяльных сетках. Кампанія рэалізуецца па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. 

Прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Караліна Галецка (Karolina Galecka) тлумачыць, што вялікі маштаб і дынаміка пашырэння негатыўнай з'явы  мовы нянавісці ў інтэрнэце  патрабуе вялікіх інфармацыйных намаганняў, каб людзі разумелі, наколькі гэта адмоўна ўплывае на ўзаемаадносіны.

— Гэта агрэсіўныя напады на іншых людзей па розных прыкметах  паводле нацыянальнасці, расы, этнічнай прыналежнасці або веравызнання. Здараецца, што ў інтэрнэце паяўляюцца нейкія заўвагі, каментарыі, якія, на першы погляд, не павінны ўплываць на звычайнае жыццё людзей, не павінны іх закранаць. Але здараецца, што такія тэксты ў сеціве вядуць ды выключэння, дыскрымінацыі, а ў крайніх выпадках  нават да гвалту.

Кампанію «Не будзь абыякавым!» па супрацьдзеянні мове нянавісці рэалізуе фонд GrowSPACE. Каардынатарка акцыі Кшыштофа Гансяроўска (Krzysztofa Gąsiorowska) адзначае, што хэйт, неабгрунтаваныя негатыўныя каментарыі могуць тычыцца кожнага з нас.

— Кампанія мае на мэце паказаць, што гэта не праблема, якая існуе дзесьці на перыферыі і тычыцца невялікіх груп людзей, а што насамрэч кожны з нас сутыкаецца прынамсі з хэйтам, а часам нават з мовай нянавісці з розных прычын. Таму мы хочам паказаць розныя сітуацыі, у якіх гэтая з’ява праяўляецца ў штодзённым жыцці, а таксама тое, як з ёй спраўляцца. Кампанія будзе скіраваная да ўсіх, будуць матэрыялы для дзяржаўных устаноў, будуць матэрыялы для школ, а таксама розныя матэрыялы, якімі могуць скарыстацца дарослыя. Мэта – каб як мага больш людзей змаглі імі скарыстацца. У значнай ступені гэта будуць віртуальныя матэрыялы, але мы таксама плануем распаўсюджваць матэрыялы ў грамадскіх установах — гэта ўлёткі, рознага тыпу друкаваныя брашуры. Будзе сайт, з якога можна будзе спампаваць сцэнарыі заняткаў і артыкулы, прысвечаныя мове нянавісці. Для настаўнікаў, але не толькі, бо сцэнарыі заняткаў — гэта, вядома, перад усім для іх, але артыкуламі змогуць скарыстацца і іншыя асобы. Мы будзем публікаваць інфармацыйныя пасты, правядзём прэс-канферэнцыю, на якой таксама прадставім розныя матэрыялы.

— Ствараецца ўражанне, што ў віртуальнай прасторы, у сацсетках агрэсіі ўсё больш. Магчыма, праблема таксама заключаецца ў тым, што алгарытмы сацсетак працуюць такім чынам, што яны значна хутчэй пашыраюць інфармацыю, у якой ёсць негатыўныя эмоцыі, як злосць ці агрэсія?

— Канешне, праблема і ў тым, што мы акружаныя велізарнай колькасцю інфармацыі, якую алгарытмы яшчэ больш падсілкоўваюць і перасылаюць далей. У эпоху штучнага інтэлекту можна ствараць рэальнасць, якой няма, або змяняць тое, што існуе. Таму шмат цяжкасцей па-за самім чалавекам, па-за нашым уласным успрыманнем. Але і так найважней тое, што нават калі мы бачым негатыўную інфармацыю, трэба мець веды і разумець стэрэатыпы, якія паўтараюцца ў такіх матэрыялах. Разумець, што гэта не з’яўляюцца праўдай, што існуюць механізмы паведамлення пра такія матэрыялы, што можна выказаць сваю крытыку іншым чынам, а не адразу звяртацца да мовы нянавісці ці вельмі негатыўных паведамленняў, якія часта выходзяць за рамкі крытыкі, а пачынаюць кранаць знешнасць чалавека, яго асабістыя рысы, пол або сексуальную арыентацыю. Маючы такія веды, мы можам па-іншаму выказаць сваю крытыку. Дзякуючы гэтаму інтэрнэт-паведамленні, якія часта вельмі эмацыйныя. Яны могуць стаць хоць трохі больш нейтральнымі, і не будзе так, што кожны атрымальнік такога паведамлення будзе перасылаць яго далей або пісаць чарговыя негатыўныя або непраўдзівыя каментарыі. Мы цяпер у такой гістарычнай сітуацыі, калі вельмі вялікая частка нашай камунікацыі адбываецца ў інтэрнэце. Таму, думаю, нягледзячы на тое, што інтэрнэт патрабуе пэўнай уласнай наратыўнай формы, само ўсведамленне і веды пра тое, як рэагаваць, як можна інакш, і чаму некаторыя паведамленні ўжо з’яўляюцца мовай нянавісці, а іншыя ўсё яшчэ застаюцца ў межах звычайнай крытыкі. Бо дзякуючы гэтаму людзі будуць лепш разумець, як увогуле арыентавацца ў інтэрнэце і як ставіцца да наратываў, якія там бачаць.

— Важна, канешне, пашыраць свядомасць людзей, але, з іншага боку, існуе адказнасць адміністратараў сацсетак. Яны таксама павінны аператыўна рэагаваць на мову нянавісці.

— Я думаю, што гэта шырэйшая праблема, якую трэба было б ацэньваць перад усім у кантэксце канкрэтных правіл той ці іншай платформы. З аднаго боку гэта адказнасць платформ, а з другога — алгарытмы часткова залежаць ад гісторыі пошуку канкрэтнага карыстальніка, таму яны не аднолькавыя для ўсіх. Гэта складаная сітуацыя. Але я безумоўна падтрымліваю тое, каб сацыяльныя платформы мелі ўплыў на змест, які ў іх публікуецца. З іншага боку, нельга абавязаць інтэрнэт-платформу, каб яна без праверкі выдаляла кожны матэрыял пасля паведамлення пра яго, што ён нясе негатыўны або непраўдзівы змест. Тады можна было б патрабаваць зняць усё, нават тое, што не з’яўляецца мовай нянавісці, а гэта вельмі моцна абмяжоўвала б свабоду выказвання.

Кампанія “Не будзь абыякавым!” працягнецца да канца года.

нг